Адкрыць асноўныя матэрыялы

З маёй жонкай Табітай у прапаведніцкім служэнні

БІБЛІЯ ЗМЯНЯЕ ЖЫЦЦЁ

Я лічыў, што Бога не існуе

Я лічыў, што Бога не існуе
  • ГОД НАРАДЖЭННЯ: 1974

  • КРАІНА НАРАДЖЭННЯ: ГДР

  • У МІНУЛЫМ: АТЭІСТ

БІЯГРАФІЯ

Я нарадзіўся ў невялікай вёсцы ў Саксоніі. У той час гэта была тэрыторыя Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР). У нашай сям’і былі цёплыя адносіны. Бацькі імкнуліся прывіць мне высокія нормы маралі. ГДР была камуністычнай дзяржавай, з-за гэтага большасць людзей у нашай мясцовасці былі абыякавыя да рэлігіі. Сам я лічыў, што Бога няма. На першыя 18 гадоў майго жыцця вельмі моцна ўплывалі ідэі камунізму і атэізму.

Чым мяне прывабліваў камунізм? Мне падабалася ідэя, што ўсе людзі роўныя. Акрамя таго, я лічыў, што прорва паміж беднымі і багатымі знікне, калі справядліва размеркаваць маёмасць. Таму я ўступіў у камуністычную маладзёжную арганізацыю. У 14 гадоў я ўдзельнічаў у адным праекце па ахове навакольнага асяроддзя і перапрацоўцы макулатуры. Улады мясцовага гарадка Аўэ так былі ўражаны маімі дасягненнямі, што нават узнагародзілі мяне. Я быў знаёмы з некаторымі вядомымі палітыкамі ГДР, хоць і быў зусім юным. Я быў упэўнены, што ў мяне правільныя мэты ў жыцці і наперадзе мяне чакае светлая будучыня.

Але нечакана ўсе мае надзеі рассыпаліся. У 1989 годзе пала Бярлінская сцяна, а разам з ёй разваліўся і ўвесь блок камуністычных дзяржаў Усходняй Еўропы. Гэта мяне вельмі ўразіла, але наперадзе мяне чакала яшчэ адно расчараванне. Хутка я даведаўся, што ў ГДР было шмат несправядлівасці. Напрыклад, з тымі, хто не падтрымліваў камунізм, абыходзіліся як з людзьмі другога сорту. Як такое было магчыма? Мы ж камуністы верылі, што ўсе людзі роўныя. Няўжо камунізм — толькі ілюзія? У мяне было такое адчуванне, што глеба сыходзіць з-пад ног.

Я змяніў свае мэты і вырашыў прысвяціць жыццё музыцы і мастацтву. Пасля музычнага вучылішча ў мяне была магчымасць паступіць ва ўніверсітэт. Я марыў стаць мастаком і музыкантам. Паступова я стаў забываць маральныя нормы, якім мяне вучылі бацькі. Увесь свой вольны час я весяліўся. Я мог адначасова сустракацца з некалькімі дзяўчынамі. Аднак музыка, мастацтва і такі лад жыцця не надавалі сэнсу майму існаванню. Нават карціны, якія я маляваў, адлюстроўвалі ўнутраную трывогу і страх. У галаве пастаянна круцілася: што прынясе будучыня? Для чаго я жыву?

У хуткім часе я знайшоў адказы на пытанні, якія мяне так хвалявалі. Аднойчы ўвечары пасля заняткаў мы з групай студэнтаў сядзелі і гаварылі пра будучыню. Мандзі *, адна са студэнтак, была Сведкай Яговы. У той вечар яна дала мне добрую параду. «Андрэас,— сказала яна,— калі ты хочаш знайсці адказы на свае пытанні, зазірні ў Біблію».

Унутры мяне змагаліся два пачуцці: цікаўнасць і недавер. У выніку цікаўнасць перамагла. Мандзі звярнула маю ўвагу на прароцтва з другога раздзела кнігі Даніэля. Я быў вельмі ўражаны. У прароцтве расказваецца пра сусветныя дзяржавы, якія змянялі адна адну на працягу стагоддзяў аж да нашых дзён. Мандзі таксама паказала мне біблейскія прароцтвы пра будучыню чалавецтва. Нарэшце я зразумеў, дзе знайсці адказы на свае пытанні! Але хто мог так дакладна прадказаць будучыню? Няўжо Бог існуе?

ЯК БІБЛІЯ ЗМЯНІЛА МАЁ ЖЫЦЦЁ

Мандзі пазнаёміла мяне з Хорстам і Ангелікай, Сведкамі Яговы. Гэтая сямейная пара пачала са мной вывучаць Біблію. Хутка я зразумеў, што Сведкі Яговы — адзіная рэлігійная арганізацыя, якая заўсёды ўжывае імя Бога, Ягова, і расказвае пра яго іншым (Псальм 83:18, НС; Мацвея 6:9). Я даведаўся, што Бог Ягова абяцае падарыць людзям вечнае жыццё на райскай зямлі. У Псальме 36:9 гаворыцца: «Хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе» (пераклад В. Сёмухі). Мне вельмі спадабалася, што гэта магчымасць ёсць у кожнага, хто імкнецца жыць па нормах Бога.

Аднак упарадкаваць сваё жыццё было нялёгка. Спачатку мне неабходна было навучыцца пакорлівасці, таму што поспехі ў музыцы і мастацтве зрабілі мяне гордым. Было цяжка пакінуць амаральны лад жыцця. Я вельмі ўдзячны Ягове за тое, што ён праяўляе цярпенне, міласэрнасць і спачуванне да тых, хто з усіх сіл імкнецца жыць па біблейскіх прынцыпах!

Першыя 18 гадоў на мяне ўплывалі ідэі камунізму і атэізму. Пасля гэтага я вырашыў, што цяпер у сваім жыцці буду кіравацца Бібліяй. Я знайшоў сэнс жыцця і больш не баяўся будучыні. У 1993 годзе я хрысціўся і стаў Сведкам Яговы. У 2000 годзе я ажаніўся з Табітай, яна таксама аддана служыць Ягове. Мы прысвячаем шмат часу, каб знаёміць іншых з Бібліяй. Мы часта сустракаем людзей, якія, як і я, выхоўваліся пад уплывам камуністычных ідэалаў і атэізму. Мне вельмі падабаецца знаёміць такіх людзей з Яговай.

ЯК ПАЛЕПШЫЛАСЯ МАЁ ЖЫЦЦЁ

Калі я пачаў вывучаць Біблію са Сведкамі Яговы, маім бацькам гэта вельмі не спадабалася. Але потым яны заўважылі, што вывучэнне са Сведкамі змяніла маё жыццё да лепшага. Я вельмі рад, што яны цяпер чытаюць Біблію і наведваюць сустрэчы Сведкаў Яговы.

У нас з Табітай шчаслівая сям’я, таму што мы імкнемся прымяняць парады, якія былі запісаны ў Бібліі. Напрыклад, парада быць вернымі адно аднаму дапамагае нам захоўваць давер і цёплыя адносіны (Гебраяў 13:4).

Цяпер я з упэўненасцю гляджу ў будучыню. У мяне ёсць міжнароднае братэрства, у якім пануюць сапраўдны мір і адзінства. У гэтай духоўнай сям’і ўсе абыходзяцца адно з адным як з роўнымі. Менавіта гэтага прагнула маё сэрца. Менавіта пра гэта я заўсёды марыў.

^ абз. 12 Імя зменена.