УРОК 4
Хто такі Ісус Хрыстос?
1. Як пачалося жыццё Ісуса?
У адрозненне ад іншых людзей, да свайго нараджэння на зямлі Ісус быў духоўнай асобай і жыў на небе (Яна 8:23). Ён быў першым стварэннем Бога і дапамагаў ствараць усё іншае. Ісус — адзіны, хто створаны непасрэдна Яговай, таму ён названы адзінародным сынам Бога (Яна 1:14). Ісус служыў Прадстаўніком Бога, таму ён таксама названы «Словам». Прачытайце Выслоўяў 8:22, 23, 30; Калосцаў 1:15, 16.
2. Для чаго Ісус прыйшоў на зямлю?
Бог перанёс жыццё свайго Сына з нябёсаў ва ўлонне юдэйскай дзяўчыны Марыі. Яна была цнатлівай, таму ў Ісуса не было зямнога бацькі (Лукі 1:30—35). Ісус прыйшоў на зямлю, каб 1) навучыць ісціне пра Бога, 2) падаць прыклад таго, як выконваць волю Бога, нават калі ўзнікаюць цяжкасці, і 3) аддаць сваё дасканалае жыццё «як адкупленне». Прачытайце Мацвея 20:28.
3. Чаму нам неабходны выкуп?
Выкуп, ці адкупленне,— гэта плата за вызваленне чалавека, якому пагражае смерць (Выхаду 21:29, 30). Старасць і смерць не ўваходзілі ў першапачатковы намер Бога для чалавецтва. Адкуль мы гэта ведаем? Бог папярэдзіў першага чалавека, Адама, што калі ён зробіць тое, што Біблія называе грахом, то ён памрэ. Значыць, калі б Адам паслухаўся Бога і не зграшыў, то ён бы ніколі не памёр (Роду 2:16, 17; 5:5). Паводле Бібліі, смерць увайшла ў свет праз Адама. Ён перадаў усім сваім нашчадкам грэх, а разам з тым і пакаранне за
грэх — смерць. Нам неабходны выкуп, каб вызваліцца ад смерці, якую мы ўспадкавалі ад Адама. Прачытайце Рымлянаў 5:12; 6:23.Хто мог бы заплаціць выкуп і пазбавіць нас ад смерці? Калі чалавек памірае, ён плаціць толькі за свае грахі. Ніводзін недасканалы чалавек не можа заплаціць за грахі іншых людзей. Прачытайце Псальм 48:8—10, пераклад В. Сёмухі.
4. Чаму Ісус памёр?
У адрозненне ад нас, Ісус быў дасканалым. Ён ніколі не грашыў, таму яму не трэба было паміраць за свае грахі. Ісус памёр за грахі іншых. Бог праявіў да чалавецтва надзвычайную любоў, паслаўшы на зямлю свайго Сына, каб ён памёр за нас. Ісус таксама паказаў сваю любоў да нас, калі паслухаўся свайго Бацьку і аддаў сваё жыццё за нашы грахі. Прачытайце Яна 3:16; Рымлянаў 5:18, 19.
5. Што Ісус робіць цяпер?
Калі Ісус жыў на зямлі, ён ацаляў хворых, уваскрэшваў памерлых і дапамагаў тым, хто трапіў у бяду. Гэтым ён паказаў, што́ зробіць у будучыні для ўсіх паслухмяных Богу людзей (Мацвея 15:30, 31; Яна 5:28). Калі Ісус памёр, Бог уваскрэсіў яго як духоўную асобу (1 Пётры 3:18). Потым Ісус сеў праваруч Бога і стаў чакаць, калі Айцец дасць яму царскую ўладу над усёй зямлёй (Гебраяў 10:12, 13). Зараз Ісус правіць на небе як Цар, а яго паслядоўнікі нясуць гэтую добрую вестку па ўсім свеце. Прачытайце Даніэля 7:13, 14; Мацвея 24:14.
У хуткім часе Ісус скарыстаецца сваёй царскай уладай, каб пакончыць з пакутамі і тымі, хто іх прычыняе. Усе, хто верыць у Ісуса і слухаецца яго, будуць жыць у раі на зямлі. Прачытайце Псальм 37:9—11.